БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПРАЕ́КТНА-ВЫШУКА́ЛЬНЫ ІНСТЫТУ́Т ЛЯСНО́Й ГАСПАДА́РКІ (Белдзіпралес) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1969 у Мінску на базе комплекснай праектна-вышукальнай экспедыцыі; да 1991 філіял Усесаюзнага ін-та «Саюздзіпралес». Асн. кірункі работы: лесагасп. і лесааднаўленчыя мерапрыемствы, праектаванне і буд-ва гадавальнікаў і лесанасенных гаспадарак, лесагасп. дарог, жылля для прадпрыемстваў лясной гаспадаркі; лесамеліярацыйныя работы, проціпажарныя і лесаахоўныя мерапрыемствы, замацаванне і аблясенне берагоў малых рэк, равоў, яроў; распрацоўка нарматыўна-тэхн. л-ры; стварэнне зялёных зон, лесапаркаў; ажыццяўленне аўтарскага нагляду за буд-вам аб’ектаў па праектах ін-та.

т. 2, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)